У Польшчы з таксоўцаў-замежнікаў хочуць браць даведку аб несудзімасці на радзіме

Таксоўка / the-warsaw.pl
Новае патрабаванне для таксоўцаў-замежнікаў прапануюць увесці ў Польшчы. У іх прапануюць браць даведку аб несудзімасці ў краіне паходжання. За такое новаўвядзенне выступаюць дэпутаты партыі "Права і справядлівасць" (ПіС) разам з прафсаюзам польскіх таксоўцаў, піша выданне The Warsaw.
Таксама ў законапраекце, прапанаваным ПіС, прадугледжвае, што кіроўцы павінны прайсці псіхатэст на польскай мове, а ў кожным аўто павінна быць прылада, якая рэгіструе паездкі і дазваляе ажыццяўляць кантроль.
Абгрунтоўваючы такую меру, дэпутатка Ганна Крупка спаслалася на бяспеку жанчын, у тым ліку пры паездках у таксоўках. "Жанчыны хочуць адчуваць сябе ў бяспецы ў таксі, таму мы ўносім на разгляд законапраект, згодна з якім кожны, хто захоча працаваць кіроўцам таксі, павінен будзе падаць даведку аб несудзімасці з краіны паходжання", — патлумачыла яна.
Такое новаўвядзенне можа балюча ўдарыць па многіх беларускіх кіроўцах, якія не могуць паехаць у краіну па даведку праз пагрозу пераследу, а таксама — для экс-палітвязняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.