У Польшчы сказалі, як хутка змогуць адкрыць "Кузніцу" і "Баброўнікі"
Памежны пункт "Кузніца"
Польскім памежным службам спатрэбіцца 48 гадзін пасля адпаведнага рашэння, каб падрыхтаваць пункты пропуску "Кузніца" (з беларускага боку "Брузгі") і "Баброўнікі" (з беларускага боку "Бераставіца") да руху транспарту. Пра такія тэрміны паведаміў падляшскі ваявода Яцэк Бжазоўскі, піша Portalsamorzadowy.pl.
Пра намер аднавіць рух транспарту ў "Кузніцы" і "Баброўніках" паведаміў напярэдадні прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Дакладную дату ён не назваў, але сказаў, што гэта павінна адбыцца ў лістападзе.
Сёння на беларуска-польскай мяжы дзейнічае пункт пропуску "Брэст" (для аўтамабільнага пасажырскага транспарту) і "Казловічы" (для грузавога).
Пункт пропуску ў Баброўніках быў закрыты ў 2023 як адказ на прысуд журналісту, прадстаўніку польскай нацыянальнай меншасці Анджэю Пачобуту. Пункт пропуску ў Кузніцы польскі бок закрыў у 2021 годзе, калі актывізаваўся міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы.