У Пакістане знайшлі ахвотных працаваць на перапрацоўцы рыбы ў Беларусі
Работнікі з рыбай, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
Кампанія American International, якая знаходзіцца ў Пакістане, зменшыла колькасць прапаноў па працы на перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў у Брэсце з 200 да 50 вакансій, заўважыла выданне "Позірк". Верагодна, гаворка ідзе аб прадпрыемстве "Санта Брэмар".
Пры гэтым 12 з гэтых 50 вакансій ужо запоўненыя, як сведчыць інфармацыя Бюро эміграцыі і працаўладкавання за мяжой урада Пакістана. Працаваць прапануюць за 500 долараў.
Знайсці ахвочых працаваць на будаўніцтве ў Беларусі сярод грамадзян Пакістана пакуль не атрымліваецца. Прапануецца праца па 16 будаўнічых спецыяльнасцях: па адзінаццаці з іх заробак складае 600 долараў, па пяці — 1800 беларускіх рублёў. Па кожнай спецыяльнасці прапануюць ад 5 да 15 вакансій.
У красавіку 2025-га Лукашэнка заявіў, што дамовіўся з прэм'ер-міністрам Пакістана аб прыездзе ў нашу краіну 100-150 тысяч працоўных мігрантаў з Пакістана. Гэтыя звесткі выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадстве, у сацсетках многія выказвалі абурэнне. У выніку незадаволенымі каментатарамі занялася міліцыя: некаторых з іх прымусілі запісаць відэаролікі з выбачэннямі.