У Наваполацку судзяць мужчыну, які зняў з карткі 1,7 млрд рублёў (відэа)

Суд над уладальнікам "чароўнай" банкаўскай карткі пачаўся ў Наваполацку. 32-гадовы работнік нафтаперапрацоўчага комплексу зняў з яе больш за 1 мільярд 725 мільёнаў рублёў. Прычынай стаў збой банкаўскай сістэмы. Замест таго, каб звярнуцца у банк, мужчына працягваў здымаць грошы, якія на карт-рахунку не сканчаліся.

Як інфармуе тэлеканал АНТ, акрамя свайго заробку ў памеры каля 10 мільёнаў рублёў жыхар Наваполацка штодня мог здымаць з карткі такую ж суму. Так працягвалася 9 месяцаў (з красавіка 2013-га да студзеня 2014 года), пакуль у банку не выявілі гэты збой і не звярнуліся да праваахоўнікаў.

Падчас следства высветлілася, што каля 400 млн рублёў мужчына патраціў на гульнявыя аўтаматы. На сённяшні дзень ён вярнуў банку каля 500 млн. Уладальніку "чароўнай" карткі пагражае ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці (артыкул "Махлярства ў асабліва буйным памеры").