У Нацбанку сказалі, хто вінаваты ў высокай інфляцыі — кава і цукеркі
  Шакалад, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Намеснік старшыні праўлення Нацбанка Андрэй Картун патлумачыў, чаму сёлета інфляцыя выйшла за рамкі прагнозу. На 2025 год урад прагназаваў інфляцыю ў рамках 5%, але ўжо да пачатку кастрычніка яна склала 7,1%.
На 70-80% інфляцыя, паводле Нацбанка, залежыць ад дзясятка буйных груп тавараў, сярод якіх мяса-малочная прадукцыя, паслугі ЖКГ і бытавыя паслугі. Але найперш рост цэн ствараюць імпартныя тавары. Картун спаслаўся для прыкладу на рэкордныя цэн на какава-бабы на мяжы 2024 і 2025 гадоў, а таксама рост цэн на каву.
"Толькі адна кава дала нам 0,2 працэнтнага пункта інфляцыі сёлета. Плюс кандытарскія вырабы — яны ў нас у топ-лідэрах па росце коштаў. Гэта звязана акурат з ростам цэн на какава-бабы", — адзначыў чыноўнік.
Ён дадаў, што беларускія вытворцы былі вымушаныя павышаць цэны "па тых пазіцыях, дзе маецца шакалад".