У Мінску будуць двухпавярховыя аўтобусы, электрабусы, хуткасныя трамваі
Жыхары сталіцы выступаюць за з'яўленне гэтых новых відаў грамадскага транспарту.
Пра гэта сведчаць вынікі апытання, якое было праведзена сёлета і прысвечана ацэнцы якасці аказання паслуг грамадскім транспартам.
Такі від транспарту, як хуткасны трамвай прапанавалі развіваць 29,1% рэспандэнтаў, 17,7% выступілі за з'яўленне на вуліцах сталіцы двухпавярховых маршрутных аўтобусаў, 13,9% — электрабусаў. Больш 1/5 апытаных выступаюць за папулярызацыю ровара як зручнага сродка перамяшчэння па горадзе.
У "Мінсктрансе" адзначаюць, што двухпавярховыя аўтобусы ўжо прайшлі паспяховае выпрабаванне ў горадзе ў экскурсійным фармаце. Мяркуецца, што яны маглі б зрабіць паездкі больш камфортнымі, ліквідаваць цісканіну ў салоне. Што да электрабусаў на акумулятарах, дык яны павінны знізіць нагрузку на экалогію гарадскога асяроддзя.
Самым папулярным відам транспарту ў мінчукоў з'яўляецца метро, інфармуе БЕЛТА.