У Мінску ў некаторых раёнах праз залеву спыняўся грамадскі транспарт
Патоп на Лагойскім тракце ў Мінску / Кадр з відэа
6 жніўня ў Мінску ў другой палове дня ў некаторых раёнах праз залеву спыняўся грамадскі транспарт. Шэраг вуліц былі падтоплены.
Як паведамляе "Мінсктранс", пасля 15-й гадзіны на Лагойскім тракце спыняліся аўтобусы і трамваі. Тралейбусы і аўтобусы былі спынены на вуліцах Кнорына, Каліноўскага, Русіянава, Шафарнянскай, Казінца, Розы Люксембург, Кальварыйскай, Пінскай, Харкаўскай, Чыгуначнай, Арлоўскай, Кірылы Тураўскага, на праспектах Газеты Звязда, Партызанскім, Пераможцаў.