У Мінску пройдзе суд па справе, у якой фігуруе 1000 кг наркотыкаў

Крымінальны кодэкс, ілюстрацыйнае фота / sb.by
Генпракуратура накіравала ў Мінскі гарадскі суд крымінальную справу супраць двух чалавек, якіх вінавацяць у незаконным абарачэнні наркотыкаў і псіхатропаў у буйным памеры ў складзе міжнароднай злачыннай арганізацыі.
Адзін з абвінавачаных, як вынікае з паведамлення Генпракуратуры, замежнік.
Гаворка ідзе пра міжнародны наркакартэль "Хімпрам".
"Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаныя са снежня 2023 года па ліпень 2024 года ўступілі ў міжнародную злачынную арганізацыю "Хімпрам" (пазней перайменаваная ў "Мурмур Шоп"), у складзе якой ажыццяўлялі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь незаконны абарот наркотыкаў. Падчас папярэдняга следства даказана іх дачыненне да незаконнага абароту больш за 1000 кг забароненых рэчываў", — сцвярджаюць у Генпракуратуры.
Абвінавачанне заяўляе, што фігуранты перавезлі гэтыя псіхатропы праз мяжу Беларусі.
Самі абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай.
Дарэчы, у красавіку пракуратура перадавала ўжо ў суд справу двух замежнікаў, якія маюць дачыненне да "Хімпраму". Тады фігурантам інкрымінавалі перавозку праз мяжу больш як 600 кг псіхатропаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.