У Мінску на месцы могілак будуецца Акадэмія КДБ — KATOLIK.LIFE
Тэрыторыю старажытных Залатагорскіх могілак, дзе хацелі зрабіць парк, аддалі пад сакрэтны будынак / katolik.life
У Мінску каля касцёла святога Роха, на месцы старажытных каталіцкіх могілак, узводзіцца нейкі шматфункцыянальны будынак. Паводле інфармацыі рэсурсу KATOLIK.LIFE, гэта будзе новы корпус Акадэміі нацыянальнай бяспекі — падведамаснай структуры КДБ.
Залатагорскія могілкі — адны з самых старых і найбуйнейшых у Мінску. Іх пачалі знішчаць у 30-я гады XX стагоддзя, а ў 80-я — канчаткова знеслі, надмагіллі вывезлі, а зямлю разраўнялі. У 2017 годзе ўлады замацавалі гэтую тэрыторыю за касцёлам святога Роха. Прыход уласнымі сіламі стварыў тут дэндрапарк. У 2019 годзе тэрыторыю ўключылі ў ахоўную зону.
У гады Першай сусветнай вайны на Залатагорскіх могілках хавалі ахвяр нямецкіх бамбардзіровак Мінска. У 1915–1916 гадах — мінскіх афіцэраў, якія памерлі ў шпіталях.
У чэрвені 2025 года ў гэтым раёне знеслі “глушылку” савецкіх часоў і некаторыя іншыя пабудовы. Участак работ закрануў тэрыторыю, раней перададзеную прыходу, дзе ўжо былі пасаджаны кусты і дрэвы ў новым дэндрапарку.
Падчас рыцця катлавана будаўнікі знаходзілі шмат чалавечых костак. Яны былі сабраныя і перададзеныя на экспертызу.
Гэтае будаўніцтва парушае Закон Рэспублікі Беларусь “Аб пахаванні і пахавальнай справе”, у якім гаворыцца, што “выкарыстанне тэрыторыі былога месца пахавання пасля яго пераносу дазваляецца толькі пад зялёныя насаджэнні па заканчэнні дваццаці гадоў з моманту пераносу. Узвядзенне будынкаў і збудаванняў на гэтай тэрыторыі забараняецца.”