У Мінску хуліганы стралялі з пнеўматычнага пісталета ў будаўнікоў

Двое маладых людзей учынілі стральбу з пнеўматычнага пісталета на тэрыторыі будаўнічага гарадка па вуліцы Налібоцкай у Фрунзенскім раёне Мінска. Спачатку яны кінулі петарду ў вартоўню, а калі адтуль выйшаў вартаўнік, зрабілі чатыры стрэлы ў яго з пнеўматычнага пісталета. Калі на дапамогу мужчыне прыйшлі двое будаўнікоў, хуліганы стралялі і ў іх, а таксама выкарысталі электрашокер.

Міліцыянеры шукалі "стралкоў" некалькі дзён, апытвалі жыхароў бліжэйшых дамоў. Высветлілася, што ў той вечар на працягу некалькіх гадзін маладыя людзі хадзілі па вуліцах мікрараёна і кідалі петарды. Неўзабаве хуліганаў знайшлі, затрыманне праводзілі пры падтрымцы байцоў спецпадраздзялення МУС Беларусі "Алмаз". У кватэры зламыснікі захоўвалі электрашокер і два пнеўматычныя пісталеты.

Хуліганы, браты 23-і 25-ці гадоў, знаходзяцца ў следчым ізалятары. Супраць іх распачалі крымінальную справу за хуліганства з выкарыстаннем зброі. Ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Раней маладыя людзі ўжо траплялі за краты, інфармуе прэс-служба мінскай міліцыі.

Фота — Мінск-навіны