У Мінску дзяўчынка праз суд дамаглася пазбаўлення бацькі бацькоўскіх правоў
Дзяўчынка цалкам спыніла зносіны з бацькам (ілюстрацыйнае фота) / pixabay.com
У Мінску дзяўчынка-падлетак праз суд дамаглася пазбаўлення бацькі бацькоўскіх правоў. І суд задаволіў пазоў. Незвычайную грамадзянскую справу ў лютым разглядаў суд Маскоўскага раёна сталіцы, заўважыла "Зеркало".
Грамадзянска-працэсуальны кодэкс дазваляе непаўналетнім, якія дасягнулі 14 гадоў, асабіста звяртацца ў суд для абароны сваіх правоў, і згоды бацькоў не патрабуецца. У сваім іску дзяўчынка адзначыла, што пасля разводу бацькоў яна жыве з маці, а дачыненні з бацькам дрэнныя. Ён часта тэлефанаваў дачцы п'яны, а пасля чарговага званка (калі ён "у грубай форме выказваў негатыўнае меркаванне" пра яе і маці) яна наогул спыніла з ім зносіны. У іску адзначаецца, што бацька цалкам самаўхіліўся ад яе выхавання, не цікавіцца жыццём дачкі і яе вучобай. А па аліментах назапасіўся доўг.
Суд улічыў гэтыя абставіны і задаволіў іск. У судзе ўдзельнічала і маці дзяўчынкі, якая яе падтрымала, запатрабавала спагнаць з былога мужа кампенсацыю выдаткаў за юрыдычную дапамогу (і было спагнана 1965 рублёў). Сам бацька іск не прызнаў.
Дзяўчынка засталася на выхаванні маці.