У Магілёве затрымалі махляра, які прадстаўляўся падпалкоўнікам міліцыі

У падбухторванні да дачы хабару і махлярстве абвінавачваецца 53-гадовы жыхар Магілёва. Мужчына, ведаючы, што яго знаёмы не можа здаць экзамен у ДАІ на права кіравання транспартнымі сродкамі, прапанаваў яму перадаць хабар для станоўчага вырашэння гэтага пытання. Праўда, махляр і не планаваў перадаваць супрацоўнікам ДАІ атрыманыя 350 долараў.

Зламысніка затрымалі праваахоўнікі, яго падазраюць у "падбухторванні да дачы хабару", "завалоданні маёмасцю шляхам ашуканства (махлярства)". Мужчыну ўтрымліваюць пад вартай.

Як паведамляе БЕЛТА, падчас расследавання высветлілася, што абвінавачаны, каб здабыць давер людзей, прадстаўляўся падпалкоўнікам міліцыі ў адстаўцы, членам міжнароднай арганізацыі ветэранаў крымінальнага вышуку, юрыстам. Праваахоўнікі высвятляюць, ці меў ён дачыненне да іншых эпізодаў махлярстваў.

Фота — Fotolia