У Літве знайшлі дрон, які заляцеў з Беларусі ў панядзелак

Дрон, які знайшлі ў Літве / фота з сацсетак Давіле Шакалене
На палігоне Гайжунай у Ёнаўскім раёне знайшлі беспілотнік, які заляцеў у Літву з Беларусі 28 ліпеня.
Гэтую інфармацыю журналістам пацвердзіла міністр абароны Літвы Давіле Шакалене. "Пацвярджаем, што дрон знойдзены. У бліжэйшы час будзе прадастаўлена дадатковая інфармацыя", — перадае LRT яе словы.
Паводле папярэдніх звестак, беспілотнік падобны да расійскага дрона "Гербера", прызначанага падманваць сістэмы СПА, бо вонкава ён нагадвае іранскі ўдарны дрон "Шахед". На месца знаходкі адправіліся вайсковыя следчыя і сапёры.
Пошукі дрона, які заляцеў у Літву зранку ў панядзелак, працягваліся амаль тыдзень. Пра яго пралёт паведамілі жыхары, якія прачнуліся ад шуму. Паводле кіраўніка Узброеных Сіл, армія зафіксавала набліжэнне аб'екта яшчэ над тэрыторыяй Беларусі. Праўда, дагэтуль невядома, ці быў гэты аб'ект тым самым дронам, які пазней заўважылі жыхары.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.