У Калінкавічах закрылі радзільнае аддзяленне

Бальніца ў Калінкавічах / kcrb.by
У Калінкавічах на Гомельшчыне закрылася радзільнае аддзяленне ў мясцовай бальніцы. Цяпер цяжарных жанчын возяць у суседні раён — у Мазыр.
"Акрамя таго, "пад нож" пайшоў цэлы комплекс гінекалагічнай дапамогі. І цяпер, каб зрабіць нейкую больш-менш складаную хірургічную маніпуляцыю ці тым больш аперацыю, звязаную з жаночым здароўем, трэба выпраўляцца ў Гомель", — перадае "Наша Ніва" словы мясцовых жыхароў.
У Калінкавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы журналістам пацвердзілі, што радзільнае аддзяленне не працуе з сакавіка. "Жанчыны ўсё яшчэ могуць стаяць у нас на ўліку падчас цяжарнасці, але нараджаць трэба будзе ехаць у Мазыр. Мала нараджаюць, каб утрымліваць аддзяленне", — кажуць калінкавіцкія медыкі. Паводле іх, 30 км да Мазыра — гэта не такая вялікая адлегласць.
У Калінкавічах па стане на 1 студзеня 2025 года пражывала 36 тысяч 656 чалавек, а ва ўсім раёне — 53 тысячы 947 чалавек. Жыхаркам аддаленых вёсак даехаць да Мазыра і Гомеля значна цяжэй, чым гарадскім.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.