У Івацэвічах даішнікі стралялі па колах аўто з 17-гадовым бяспраўнікам

У ноч на 18 лістапада супрацоўнікам ДАІ ў Івацэвічах давялося зладзіць пагоню са стралянінай.
Як паведамляе сайт Брэсцкай ДАІ, асноўнай дзейнай асобай здарэння стаў 17-гадовы школьнік, які ехаў на "Аўдзі 80" без правоў. Каля 12-й гадзіны ночы інспектары ДАІ пабачылі аўтамабіль на вуліцы Леніна і далі яму сігнал спыніцца. Аднак кіроўца пачаў уцякаць ад іх.
Даішнікі кінуліся ў пагоню і неаднаразова праз гукаўзмацняльнік патрабавалі, каб кіроўца спыніўся. Той не падпарадкоўваўся і ствараў аварыйныя сітуацыі. Урэшце На вуліцы Гамаліцкага супрацоўнік ДАІ папярэдзіў кіроўцу, што выкарыстае зброю, аднак гэта не падзейнічала. Як інфармуе ДАІ, інспектар зрабіў два папераджальныя стрэлы ў паветра, а потым — чатыры стрэлы ў задняе левае кола "Аўдзі".
Аўтамабіль быў спынены, а яго кіроўца затрыманы. Ім апынуўся 17-гадовы школьнік, які не меў правоў кіравання. Ён патлумачыў, што ўцякаў, баючыся адказнасці: раней хлопца прыцягвалі да адказнасці за ДТЗ і кіраванне без правоў.
Цяпер на яго склалі шэсць адміністрацыйных пратаколаў. Аўтамабіль дастаўлены на штрафстаянку.