У Гродне агрэсіўны хворы страляў па міліцыянтах
Каб забраць у лякарню пацыента, давялося выклікаць праваахоўнікаў.
Агрэсіўны хворы страляў па міліцыянтах. Інцыдэнт здарыўся 1 лютага на праспекце Кляцкова ў Гродне. Лекары хуткай прыехалі па выкліку, але не змаглі даставіць пацыента ў лякарню: мужчына адмаўляўся ехаць, пагражаў медыкам пнеўматычным пісталетам і збіраўся скончыць жыццё самагубствам. На дапамогу выклікалі супрацоўнікаў Дэпартаменту аховы.
Спачатку двое міліцыянтаў разам з сынам хворага спрабавалі ўгаварыць яго, але ж мужчына іх не слухаўся. Ён патрабаваў, каб усе пакінулі кватэру, а сам зачыніўся ў адным з пакояў. Міліцыянты вырашылі ўзяць неўтаймаванага пацыента хітрасцю: зрабілі выгляд, што сыходзяць, а самі зладзілі засаду.
Неўзабаве гаспадар выйшаў са свайго сховішча, аднак ён зразумеў, што яго чакаюць і пачаў страляць па міліцыянтах з газава-дробавага рэвальвера. Адзін з праваахоўнікаў атрымаў лёгкае раненне ў руку.
Непакорлівага хворага ўзялі сілай і абяззброілі, пасля чаго даставілі ў спецыяльную медустанову, паведамляе “Вечерний Гродно” са спасылкай на Гродзенскае абласное ўпраўленне Дэпартаменту аховы.