У Гродне 15 красавіка адключаць ацяпленне

Батарэя, ілюстрацыйнае фота

Батарэя, ілюстрацыйнае фота / DELFI

Першай у Беларусі ацяпляльны сезон сёлета завяршае Гродзеншчына.

Гродзенскі гарвыканкам пастанавіў, што з 15 красавіка ў горадзе плануюць пачаць адключаць ацяпленне. Чыноўнікі спаслаліся на прагнозы сіноптыкаў, што на гэтым тыдні слупкі тэрмометраў паднімуцца вышэй за +20. У пятніцу і ўвогуле абяцаюць 26 градусаў цяпла.

"Каб не дапусціць "ператопаў" і нерацыянальнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў, Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт узгадніў адключэнне сістэм ацяплення з 15 красавіка", — гаворыцца ў паведамленні гарвыканкама.

Найперш ацяпленне адключаць у грамадскіх і адміністрацыйных будынках, прамысловых арганізацыях. Далей адключэнне чакае агульнагарадскія лазні, тэатры, установы адукацыі (за выключэннем школ і дзіцячых садкоў), інтэрнаты, жылфонд.

У апошнюю чаргу ацяпляльны сезон закончыцца ў гатэлях, бібліятэках, дзяржархівах, музеях, установах сацзабеспячэння, медыцынскіх, лячэбна-прафілактычных, школьных і дашкольных установах адукацыі, спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах.

Дарэчы, у гарвыканкаме нагадалі, што летась ацяпленне ў Гродне пачалі адключаць 2 красавіка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.