У Гомелі злавілі жыхароў Кіева, якія ўстанавілі на банкамат скімер (фота)
Яны здымалі грошы з чужых пластыкавых картак і з'язджалі на радзіму. Падчас чарговага прыезду ў Беларусь зламыснікаў затрымалі.
Беларускія праваахоўнікі затрымалі дваіх грамадзян Украіны, жыхароў Кіева, якія ў лютым 2015-га ўстанавілі ў Гомелі на адзін з банкаматаў скімер. З яго дапамогай замежнікі атрымалі інфармацыю пра рэквізіты чужых банкаўскіх картак ды вырабілі фальшывыя карткі, а пасля пачалі здымаць грошы. Агулам яны скралі больш за 33 млн рублёў. Пры гэтым мужчыны закрывалі відэакамеры банкаматаў, чым прыцягнулі ўвагу праваахоўнікаў.
Як паведамляе прэс-служба міліцыі Гомельскай вобласці, была атрыманая аператыўная інфармацыя, што да злачынства маюць дачыненне грамадзяне Украіны. Неўзабаве далося ўстанавіць іх прозвішчы. І калі 20 чэрвеня яны ў чарговы раз прыехалі на аўтамабілі ў Беларусь, украінцаў затрымалі. У іх знайшлі больш за 70 пластыкавых картак, камп'ютарную тэхніку, прыстасаванне для запісу інфармацыі на магнітную стужку карткі.
Распачатая крымінальная справа, праводзіцца расследаванне. На аўтамабіль "Хёндэ Санта Фэ" наклалі арышт.

Фота: uvd.gomel.by