У Белгарадзе, каля якога ўзарвалі чыгунку, пачалі ствараць народную дружыну
У расійскім Белгарадзе пачалі ствараць добраахвотную народную дружыну. Мясцовыя ўлады паведамляюць, што яе ўдзельнікі будуць патруляваць вуліцы ўвечары і ўначы, дапамагаць паліцыі "у забеспячэнні правапарадку".
Белгарадская вобласць мяжуе з Украінай. 1 красавіка ў абласным цэнтры гарэла нафтабаза. Мінабароны РФ заявіла, што яе атакавалі ўкраінскія верталёты, але ўкраінскі бок афіцыйна гэта не пацвердзіў. У далейшым з'яўляліся паведамленні пра дробныя здарэнні ў гэтым рэгіёне (выбухі артылерыйскіх снарадаў, авіяцыйных ракет і г. д.). 12 красавіка, пасля ўвядзення "жоўтага ўзроўню тэрарыстычнай небяспекі", стала вядома пра ўзарваную чыгунку ў Белгарадскай вобласці.
Тым часам Галоўнае ўпраўленне разведкі Узброеных сіл Украіны ў аўторак заявіла, што расійскія спецслужбы "плануюць серыю тэрактаў" у РФ для ўзняцця "антыўкраінскай істэрыі".