У Беларусі з 1 верасня вучням забароняць карыстацца гаджэтамі ў школе

Гаджеты

Тэма “пераспела”, лічыць чыноўнік Мінаблвыканкама / pixabay.com

З новага навучальнага года беларускім школьнікам забароняць карыстацца гаджэтамі ў навучальнай установе. Пра гэта заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко.

— Інфармацыя пра тэлефоны ў Кодэксе ніяк не прапісана, тым не менш норма “школа — тэрыторыя без тэлефона” разам з Кодэксам уступіць у сілу з 1 верасня, — паведаміў ён.

— Тэма гэта ўжо “пераспела” і нарэшце будзе даведзена да свайго лагічнага завяршэння. У цяперашні час вядзецца тлумачальная праца з бацькоўскай грамадскасцю і вучнямі. Прыходзячы ў установу адукацыі, дзіця павінна будзе здаць свой гаджэт і атрымаць яго пасля заканчэння вучэбных заняткаў. Месцы, дзе будуць захоўвацца мабільныя тэлефоны, і пералік асоб, адказных за іх захаванасць, ужо вызначаны, — распавёў чыноўнік.

Таксама ён адзначыў, што “інфармацыя, атрымліваемая сёння дзіцём з тэлефона, — некантралюемая”.

Як будзе ажыццяўляцца сувязь з бацькамі ў выпадку неабходнасці, чыноўнік не патлумачыў.

Еўрарадыё ў студзені 2025 года паведамляла, што адміністрацыі некаторых сталічных школ пачалі рыхтаваць класных кіраўнікоў да таго, што з чацвёртай чвэрці будзе забаронена вучням карыстацца мабільнымі тэлефонамі і на перапынках.

Мы таксама сабралі меркаванні бацькоў наконт забароны гаджэтаў у школе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.