У Беларусі яшчэ вырашаюць, ці рэнтабельна здабываць рэдказямельныя металы

Рэдказямельныя элементы і металы будуць шукаць на тэрыторыі трох раёнаў (ілюстрацыйнае фота)

Рэдказямельныя элементы і металы будуць шукаць на тэрыторыі трох раёнаў (ілюстрацыйнае фота) / pixabay.com

У Беларусі яшчэ вырашаюць, ці рэнтабельна здабываць рэдказямельныя металы. Пра гэта ў эфіры СТБ расказаў намеснік гендырэктара Навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі Васіль Колб. Паводле яго слоў, з савецкіх часоў вядома, што ў нашай краіне ёсць як мінімум два рэдказямельныя металы — малібдэн і тулій. Аднак залягаюць яны даволі глыбока — 200-250 метраў.

Пакуль плануецца "комплекс геолагаразведачных работ": будуць вызначаны глыбіні заляганняў, падлічаны рэсурсы і запасы. Самае ж галоўнае — тэхналогія здабывання гэтых элементаў.

"У Беларусі няма такога досведу, — кажа Колб. — Адназначна нам прыйдзецца вывучаць сусветныя тэхналогіі, звяртацца да профільных інстытутаў Расійскай Федэрацыі, а потым ужо будзем глядзець, ці эканамічна наогул рэнтабельна, ці мэтазгодна далей праводзіць дэталёва працы і потым ужо казаць аб пытаннях здабывання, здабычы".

Заняцца пошукамі рэдказямельных металаў у Беларусі ў пачатку сакавіка загадаў Аляксандр Лукашэнка. Заява прагучала на фоне планаванай дамовы паміж Украінай і ЗША па сумеснай здабычы рэдказямельных элементаў. Васіль Колб кажа, што карысныя выкапні Украіны знаходзяцца вышэй, чым беларускія, і здабываць іх прасцей.

Нядаўна на нарадзе ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя было агучана, што рэдказямельныя элементы і металы ў Беларусі будуць шукаць на тэрыторыі трох раёнаў у Гомельскай і Гродзенскай абласцях. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.