У Беларусі будуць шукаць рэдказямельныя металы

Аксіды рэдказямельных элементаў

Аксіды рэдказямельных элементаў / Вікіпедыя

У Беларусі трэба адшукаць рэдказямельныя металы. Такое даручэнне даў Лукашэнка 4 сакавіка на пасяджэнні абноўленага складу ўрада.

Ён заявіў, што ў краіне недастаткова развітая геалагічная разведка, яна знаходзіцца на нізкім узроўні, а рэдказямельныя металы ў краіне шукаюць дрэнна.

"Рэдказямельныя металы выгаворвае толькі Трамп у Злучаных Штатах Амерыкі. Вы над гэтым пакуль не задумваліся. Іх шмат не бывае ў зямлі. Можа, у нас не менш, чым у іншых", — заявіў Лукашэнка.

Раней Лукашэнка гэтак жа загадваў знайсці ў Беларусі радовішчы нафты. І іх знаходзілі.

Актыўна пра здабычу рэдказямельных металаў сталі гаварыць пасля планаванага падпісання пагаднення паміж ЗША і Украінай. Штаты хацелі атрымаць доступ да мінеральных рэсурсаў Украіны, уключаючы рэдказямельныя металы. Падпісанне пагаднення было прызначанае на 28 лютага ў Вашынгтоне. Аднак у выніку сваркі паміж Зяленскім і Трампам дакумент падпісаны не быў.

Расія таксама прапаноўвала ЗША доступ да сваіх радовішчаў рэдказямельных металаў.

Дарэчы, рэдказямельныя элементы па запасах сыравіны не з'яўляюцца рэдкімі: па сумарнай распаўсюджанасці яны пераўзыходзяць свінец ў 10 разоў, малібдэн — у 50 разоў, вальфрам — у 165 разоў. Сваю назву гэтая група атрымала 200 гадоў таму, калі лічылася, што яны рэдка сустракаюцца ў зямной кары.

У СССР прамысловая здабыча рэдказямельных металаў вялася з 1950-х гадоў — у РСФСР, Казахстане, Кіргізіі, Эстоніі і Украіне. Здабыча гэтых металаў дасягала 8500 тон за год.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.