У Беларусі каля 11 тысяч азёр. Дзе адпачыць і колькі гэта будзе каштаваць?

Прыгажосць беларускіх азёр / planetabelarus.by
Калі вы яшчэ не вырашылі, дзе правесці адпачынак або гарачыя выхадныя, падумайце пра адпачынак на беларускіх азёрах. Чыстыя і глыбокія, празрыстыя, маленькія ў лясной глушы ці амаль бязмежныя ... В Беларусі налічваецца каля 11 тысяч такіх вадаёмаў, таму кожны ахвотнік можа выбраць сабе сваё месца сілы.
Пра тое, на якіх азёрах і за які кошт можна адпачыць гэтым летам, чытайце ў аглядзе Еўрарадыё.
Для аматараў адасобленага адпачынку ў асяроддзі дзікай прыроды
Возера Воласа
Гэты маляўнічы вадаём у Віцебскай вобласці лічыцца адным з самых празрыстых у Беларусі і адносіцца да басейна ракі Друйка. Мяркуючы па водгуках, многія прыязджаюць сюды парыбачыць, памедытаваць і адключыцца ад гарадской мітусні. Возера акружана іглічным лесам, мае ўтульныя бухты з пяшчаным берагам, недалёка ад паўднёвага берага ёсць дзве невялікія выспы.
Каб адпачыць з камфортам, Рэкамендуем спыніцца ў сядзібе "Воласа" у вёсцы Лявошкі. У комплексе ёсць лазня, лодка, мангальная зона, вялікая ўтульная альтанка для прыемных вячорак, гамакі і падвесныя арэлі. Спыніцца можна ў доміку ў садзе (кошт на дваіх — ад 164 BYN за суткі) альбо ў вялікім доме, які разлічаны на 9 чалавек. Кошт — ад 450 BYN за суткі.
Аграсядзіба "Вікінг" — гэта яшчэ адзін варыянт адпачынку на возеры Воласа ва ўтульным бярвеністым доме. Наведвальнікі хваляць пляжы паблізу, лужок, дзе можна арганізаваць пікнік або пагуляць у мяч, пясочніцу з арэлямі для дзяцей, магчымасць пакатацца па маляўнічых наваколлях. Кошт — ад 460 BYN за суткі.

Возера Спораўскае
"Спакой і мілата, адзінота і сувязь з беларускай прыродай, вяртанне да ўсяго чыстага і сапраўднага", — так пішуць у даведніках пра гэты ўнікальны вадаём у Брэсцкай вобласці, праз які працякае рака Ясельда.

Для аматараў патусавацца
Браслаўскія азёры
Калі вы аматар пагудзець, адпраўляйцеся сюды з 25 па 27 ліпеня. Менавіта ў гэты час на Браслаўскіх азёрах будзе праходзіць традыцыйны фестываль Viva Braslav 2025.
Акрамя музычнай праграмы (пра якасць якой у цяперашнія часы нам казаць складана) і фуд-зоны, арганізатары абяцаюць розныя майстар-класы, спартыўныя мерапрыемствы і конкурсы. Таксама можна будзе палятаць на аэрастаце, пакатацца на яхце або на адным з водных атракцыёнаў.
Кошт эканом-нумара на аднаго чалавека ў гасцінічным комплексе Braslav Lakes, які размяшчаецца акурат у Нацыянальным парку "Браслаўскія азёры" паміж двума азёрамі, — 110 BYN за чалавека. У гэтым жа комплексе можна забраніраваць домік (400 BYN + сняданак), бунгала (340 BYN + сняданак) або шале.
Падчас фестывалю можна спыніцца ў фестывальным кемпінгу (кошт удакладняйце ў арганізатараў), адной са шматлікіх мясцовых гасцініц або гасцявым доме.
Кошты ў дзяржаўных гасцініцах у самым Браславе могуць быць невысокімі, але звяртайце ўвагу на водгукі (некаторыя з іх пакідаюць жадаць лепшага).

Возера Нарач
Гэтае возера лічыцца самым вялікім у Беларусі і адным з самых папулярных у турыстаў. Побач з ім размешчаны курортны пасёлак Нарач з кафэ і барамі, пракатам ровараў і катамаранаў.
Улетку на беразе праходзяць пляжныя вечарынкі. Таксама можна адправіцца на адну з мясцовых экскурсій, напрыклад наведаць бровар, якому больш за 175 гадоў!
Спыніцца можна, напрыклад, у гасцявым доміку (шукайце тое, што спадабаецца) або ў санаторыі "Нарач" (тут ёсць варыянты на любы густ, пачынаючы ад 88 BYN за чалавека ў суткі), але ўлічвайце, што многія нумары на гэтае лета ўжо забраніраваны.
Аматары адпачыць на прыродзе з намётамі могуць прыехаць на адну з турстаянак нацыянальнага парку "Нарачанскі".
Пры наяўнасці свабодных месцаў тут можна спыніцца ў любы час. Месцы не браніруюцца, кошт — ад 8 BYN за суткі (дзецям да 7 гадоў — бясплатна).

Незабыўны адпачынак у коле сям'і
Возера Свіцязь
Гэтае возера называюць самым рамантычным і глыбокім возерам нашай краіны. З усіх бакоў яно акружана кольцам густога векавога лесу, у яго водах растуць рэдкія рэліктавыя расліны, а паблізу ўзвышаюцца старажытныя курганы.

Блакітныя азёры
— гэта 15 азёр, якія з'явіліся ў выніку раставання ледавіка ў Мінскай вобласці сярод хваёвых лясоў з невялікай прымешкай елкі, бярозы і клёну. У даведніках гэты куток нашай краіны часта называюць "беларускай Швейцарыяй", нахвальваючы мясцовыя маляўнічыя пейзажы, чыстае паветра і крынічную ваду.

У ваколіцах можна знайсці масу гасцявых домікаў і аграсядзіб, адна з якіх — "Трабуцішкі", абстаўленая старадаўняй мэбляй "нашых дзядуляў і бабуль". Кошт усяго дома за суткі на кампанію з пяці чалавек — 280 BYN (калі людзей прыязджае больш, трэба даплочваць па 45 рублёў за кожнага чалавека). У водгуках наведвальнікі захапляюцца мясцовай кузняй, у якой гаспадары праводзяць майстар-класы па кавальскай справе, і старадаўняй беларускай печкай з ляжанкай. Да бліжэйшага возера ад аграсядзібы — крыху больш за шэсць кіламетраў.
Адпачывайце ў Беларусі!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.