У пункты пропуску на мяжы з Польшчай вярнуліся кадэбісты і аднавіліся допыты
Пункт пропуску "Брузгі"
У пункты пропуску на беларуска-польскай мяжы пасля іх адкрыцця вярнуліся кадэбісты. Яны аднавілі допыты падарожнікаў. Пра гэта пішуць карыстальнікі памежных чатаў, заўважыла выданне BGmedia.
Памежныя пераходы "Бераставіца — Баброўнікі" і "Брузгі — Кузніца" на мяжы адчыніліся ўначы 17 лістапада пасля некалькігадовага перапынку.
Адзін з карыстальнікаў чата расказаў 18 лістапада, як праходзіў мяжу праз пункт пропуску "Брузгі". Паводле яго, сілавікі зладзілі допыт, а потым кадэбісты забралі пасажырку:
"На мяжы Беларусі стажоры нейкія. Паўгадзіны правяралі мой пашпарт (Іспанія). Гадзіну правяралі пашпарт пасажыркі (Беларусь). Цяпер яе выклікалі на допыт. Мы беларусаў дзве гадзіны праходзім і яшчэ не аформілі часовы ўвоз. Усё вельмі марудна.
Карацей, усё ў нас жахліва. Пашпарт пасажыркі глядзелі гадзіну, цэлую гадзіну. Яе забраў КДБ, яна так і засталася на мяжы. Мяне адправілі на рэнтген і потым адпусцілі, а 05.00. Вынік: я мяжу праязджаў 11 гадзін, а пасажырка ўвогуле яшчэ не прайшла".
Карыстальнікі чатаў пішуць, што пры ўездзе ў Беларусь сілавікі выказваюць асаблівую цікаўнасць да грамадзян Украіны. Аднак нярэдка правяраюць і грамадзян іншых краін — напрыклад, італьянцаў.