Беларускія перавозчыкі пачалі прадаваць квіткі ў Вільню на 21 лістапада

На літоўскай мяжы, ілюстрацыйнае фота

На літоўскай мяжы, ілюстрацыйнае фота / delfi.lt

Беларускія перавозчыкі мяркуюць, што ўжо 21 лістапада адновяцца аўтобусныя рэйсы паміж Мінскам і Вільняй. Таму яны ўжо абвясцілі аб продажы квіткоў з гэтай даты.

Кампанія "Мінсктранс" плануе аднавіць 21 лістапада рух аўтобусаў у Вільню, Коўна і Рыгу. Таксама продаж квіткоў на гэтую дату пачаў перавозчык Eurolines.

Раней прэм'ер-міністр Літвы Інга Ругінене заяўляла, што рашэнне пра магчымае адкрыццё літоўска-беларускай мяжы можа быць прынята ў сераду, 19 лістапада.

Пад канец кастрычніка Літва закрыла ўсе пункты пропуску на беларускай мяжы да 30 лістапада. Гэта адбылося ў выніку частых масавых прылётаў кантрабандных метэазондаў з тэрыторыі Беларусі, якія перашкаджалі працы аэрапортаў. У адказ рэжым Лукашэнкі забараніў выезд літоўскіх грузавікоў і перамясціў фуры на спецыяльныя платныя стаянкі.

18 лістапада літоўскія і беларускія памежнікі правялі тэхнічныя перамовы наконт фураў. Камісія па нацыянальнай бяспецы Літвы рэкамендавала ўраду разгледзець на сённяшнім пасяджэнні магчымасць заўчаснага адкрыцця мяжы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.