У Беларусі і Расіі дагэтуль няма канкрэтна вызначанай мяжы

У адрозненне ад межаў з іншымі суседнімі краінамі, мяжа Беларусі з Расіяй на мясцовасці ніколі не вызначалася і не праводзілася. З увядзеннем расійскім бокам на мяжы з Беларуссю зоны памежнага кантролю гэта стварае сур’ёзныя праблемы, кажа былы кіраўнік прэс-службы Камітэта памежнага кантролю Беларусі Аляксандр Цішчанка.
Цішчанка: “Увогуле, спачатку павінна быць дэлімітацыя ― на мапах неабходна ўзгадніць усе пазіцыі да сантыметра. І толькі пасля гэтага пачынаць дэмаркацыю мяжы (правядзенне лініі дзяржаўнай мяжы на мясцовасці з абазначэннем яе спецыяльнымі памежнымі знакамі. ― Еўрарадыё). Устанаўленне мяжы без дэлімітацыі больш падобнае на самаўпраўства, чым на канкрэтнае рашэнне тэрытарыяльных пытанняў. Проста так прыйсці і калкі ўбіць ― гэта будзе няправільна”.
Пытанне дэмаркацыі мяжы з Расіяй нечакана ўзнікла пасля аднабаковага ўсталявання нашымі суседзямі рэжыму памежнай зоны ў Смаленскай, Пскоўскай і Бранскай абласцях і папярэджання з боку Памежнага камітэта ФСБ Расіі, што ладзіць праверку пашпартоў яны будуць нават на прасёлачных ды лясных дарогах. І там расіяне вымушаныя будуць неяк абазначыць межы Расіі, кажа эксперт.
“Магчыма, будуць устаноўленыя часовыя знакі, якія характарызуюць мясцовасць, як тэрыторыю той ці іншай дзяржавы. Але ўсталяванне такіх знакаў павінна адбывацца ва ўзаемадзеянні з Памежным камітэтам Беларусі, на ўзроўні абласных выканаўчых камітэтаў гэтыя пытанні павінны агаворвацца. Але пакуль такіх працэсаў не назіраецца”.
Нагадаем, з 7 лютага ў Расіі пачаў дзейнічаць рэжым памежнай зоны з Беларуссю. У адпаведнасці з ім, грамадзяне трэціх краін трапіць у Расію праз Беларусь не могуць.