У Мінску адкрылі першую армянскую царкву ў Беларусі

У Беларусі адкрылі першую армянскую царкву
У Мінску асвяцілі храм Святога Рыгора Асветніка — першы храм Армянскай апостальскай царквы ў Беларусі, піша "Мінск-Навіны".
Спецыяльна да адкрыцця ў Беларусь прыехаў Вярхоўны Патрыярх і Каталікос усіх армян Гарэгін II.
На адкрыцці таксама прысутнічалі прадстаўнікі іншых рэлігійных канфесій: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, галоўны рабін аб'яднання абшчын прагрэсіўнага юдаізму Рыгор Абрамовіч і каталіцкі святар Франц Рудзь. Сярод гасцей былі дыпламаты і кіраўніцтва горада.
На будаўніцтва пайшло каля трох гадоў. Комплекс уключае сам храм і прыходскі дом з духоўна-асветніцкім цэнтрам і нядзельнай школай. Набажэнствы пакуль будуць праходзіць па нядзелях.
Як паведаміў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, армяне ў Беларусі па колькасці знаходзяцца на шостым месцы сярод прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў — 9,5 тыс. чалавек. Дагэтуль у іх не было сваёй царквы ў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.