У Беларусі абяцаюць анлайн-доступ да аналізаў і гісторыі хваробаў

Менш паходаў у паліклініку / pixabay.com
У Беларусі з’явіцца анлайн-сэрвіс, з дапамогай якога можна будзе атрымліваць медыцынскія даведкі і дакументы прама з дому. Пра гэта распавёў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Каранік. Паводле яго слоў, цалкам новую сістэму ствараць не будуць — проста аб’яднаюць тыя, што ўжо дзейнічаюць у паліклініках.
Галоўная мэта сэрвісу — зрабіць так, каб і лекары, і пацыенты мелі хуткі доступ да ўсёй патрэбнай інфармацыі. Напрыклад, лекар адразу ўбачыць у камп’ютары, чым раней хварэў пацыент, якія былі дыягназы і як яго лячылі.
Пацыент зможа зайсці ў асабісты кабінет і паглядзець гісторыю візітаў, вынікі аналізаў, а таксама запісацца на абследаванне ці атрымаць патрэбную даведку — без візіту ў паліклініку.
Каранік паабяцаў, што такая адзіная сістэма павінна запрацаваць да канца 2025 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.