У бальніцах Мінска востры недахоп донарскай крыві

Донар крыві, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Мінскія клінікі сутыкнуліся з недахопам донарскай крыві. Праблема ёсць як мінімум у бальніцы хуткай дапамогі (БХМД) і гарадскім цэнтры трансфузіялогіі пры бальніцы №6, даведалася выданне "Зеркало".
Пра недахоп крыві журналістам расказала чытачка. Яе свякроў прааперавалі ў сталічнай БХМД, пасля чаго спатрэбілася пераліванне. Працэдура мусіла адбывацца ў тры этапы, але лекары правялі толькі два пераліванні. Пасля гэтага яны папрасілі родных стаць донарамі, патлумпачыўшы гэта недахопам біяматэрыялу.
Пра такую ж праблему журналістам сказалі ў гарадскім цэнтры трансфузіялогіі пры БХМД, куды яны затэлефанавалі як звычайныя грамадзяне. "Хворых вельмі шмат, таму пераліваюць шмат крыві. Мы сваіх донараў выклікаем. Ёсць такая справа, так", — сказала супрацоўніца цэнтра і заклікала дапамагчы і здаць кроў.
Пра крытычную сітуацыю сведчыць і "донарскі святлафор" на сайце сталічнага гарадскога цэнтра трансфузіялогіі пры бальніцы №6. Гэтая ўстанова — адзін з найбуйнейшых пунктаў нарыхтоўкі і перапрацоўкі донарскай крыві ў Мінску. Праз яго за год праходзіць больш за 31 тоны крыві.
Цяпер у гэтым цэнтры ў належнай колькасці ёсць толькі адносна рэдкая чацвёртая група крыві. Запасы крыві першай, другой і трэцяй груп дасягнулі крытычнага мінімуму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.