У бабруйчаніна канфіскавалі кантрафактны алкаголь на 930 млн

У Бабруйскім раёне міліцыя канфіскавала кантрафактны алкаголь амаль на 930 млн рублёў, інфармуе БЕЛТА.

Нелегальныя спіртныя вырабы праваахоўнікі знайшлі ў хляве прыватнага дома вёскі Гарбацэвічы Бабруйскага раёна. Там было больш за 4100 літраў алкаголю, прычым у асартыменце апынуліся дарагія напоі — каньяк, віскі і гарэлка. Міліцыянты канфіскавалі ўсю прадукцыю, не маркіраваную беларускімі акцызнымі маркамі.

Уладальніку кантрафакту — 30-гадоваму мясцоваму жыхару — таксама пагражае штраф да 18 мільёнаў рублёў (да 100 базавых велічыняў).

Фота — progorodnn.ru