Трох замежнікаў змясцілі ў ІЧУ за бойку каля мінскай крамы

Бойка каля мінскай крамы / тг-канал
У Мінску за бойку каля крамы затрымалі трох замежнікаў. Пра гэта сталічная міліцыя паведаміла пасля таго, як у сацсетках завірусілася відэа гэтай бойкі.
"Аўтар публікацыі паказаў, што канфлікт адбыўся паміж грамадзянамі Пакістана, аднак гэтая інфармацыя не з'яўляецца дакладнай", — заяўляюць у міліцыі. Яны паведамляюць, што гаворка ідзе пра трох замежных студэнтаў, якія ўжо некалькі гадоў навучаюцца ў сталічным універсітэце. Краіна, з якой прыбылі студэнты, не называецца.
Затое міліцыянты падкрэсліваюць, што пра бойку даведаліся адразу: "Пра гэты інцыдэнт, які адбыўся 19 чэрвеня бягучага года, супрацоўнікам міліцыі стала вядома ў гэты ж дзень, дзякуючы працы Цэнтра маніторынгу грамадскай бяспекі ГУУС".
Такім чынам, само здарэнне адбылося амаль два месяцы таму.
Цяпер міліцыя праводзіць праверку па гэтым факце. Затрыманыя замежнікі змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання. Будзе разглядацца пытанне пра іх дэпартацыю з Беларусі.
Варта адзначыць, што гэтым разам з боку міліцыі няма пагроз затрымання за "антыпакістанскія" каментары ў сацсетках.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.