Беларусь працягнула забарону на вываз шэрагу прамысловых тавараў

ЕАЭС
У Беларусі працягнулі часовую забарону на вываз шэрагу прамысловых тавараў. Адпаведная пастанова Савета Міністраў № 514 ад 18 верасня 2025 года апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Згодна з дакументам, забараняецца вываз за межы Беларусі ў краіны ЕАЭС тавараў з пераліку — незалежна ад іх паходжання. Забарона таксама распаўсюджваецца на вываз гэтых тавараў у краіны, што не ўваходзяць у ЕАЭС.
У спіс увайшлі:
- гіпс, ангідрыт, стаматалагічныя цэменты і матэрыялы для пламбавання;
- медыцынскія і ветэрынарныя пальчаткі, ампулы са шкла;
- лом і адходы вальфраму;
- ёмістасці для сціснутага і звадкаванага газу з чорных металаў;
- нажы і лязы для машын, прамысловыя і лабараторныя печы, аўтапагрузчыкі і іншая пагрузачна-разгрузачная тэхніка.
Абмежаванні не дзейнічаюць на тавары, паходжанне якіх пацверджана сертыфікатам (беларускім або расійскім), а таксама на прадукцыю, вырабленую ў Беларусі з перапрацаванай сыравіны ў межах мытных працэдур ЕАЭС. Выключэнні таксама зробленыя для транспартных сродкаў міжнародных перавозак і тавараў, што ідуць транзітам.
Пастанова ўступае ў сілу часткова з 23 верасня 2025 года і будзе дзейнічаць да 22 сакавіка 2026 года. Поўны пералік тавараў даступны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.