Рэцэнзія на серыял “Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі”. Мазаіка страчанага часу

Калаж з кадраў з серыяла "Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі"

Калаж з кадраў з серыяла "Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі" / @rubanau_collage

Да апошняга часу беларускія шоўранеры (так у амерыканскай кінаіндустрыі называюць стваральнікаў і генеральных прадзюсараў тэлешоў) адсутнічалі як клас. Усё таму, што рэсурсы на вытворчасць серыялаў у нашай краіне былі толькі ў “Беларусьфільма”, млявы кантэнт якога быў цікавы адно толькі непераборлівым гледачам эфірных расійскіх каналаў. Спробы здымаць сапраўды канкурэнтна здольны забаўляльны кантэнт пачаліся некалькі гадоў таму. 

Першую спробу зрабіла студыя “Першая кінавідэакампанія”, зняўшы, вядома, за дзяржаўныя грошы ды пры падтрымцы Мінкульта і расійскага бізнесу “За паўгадзіны да вясны” — серыял пра Уладзіміра Мулявіна і ансамбль “Песняры”.

Паралельна, але ў эміграцыі, з’явіліся “Працэсы” — фантасмагарычны мінісерыял пра жыццё ва аўтарытарнай Беларусі. Яго для польскага тэлеканалу “Белсат” стварылі Андрэй Кашперскі і Міхась Зуй

Шоўранерскія шэрагі папоўніў і рэжысёр Максім Швед, які сумесна з паплечнікамі ў 2024 годзе зняў дакументальны ютуб-праект “Артэфакты. Музей вольнай Беларусі”.

Рэцэнзія на серыял “Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі”. Мазаіка страчанага часу
Калаж з кадраў серыяла "Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі" / Максім Швед / @rubanau_collage

Кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі распавядае пра гэты мінісерыял у працягу цыкла рэцэнзій “Нябачнае кіно 2020-х”. Больш тэкстаў можна адшукаць па гэтай спасылцы. 

Ідэя шоў у Максіма Шведа ўзнікла падчас наведвання Музея Вольнай Беларусі — варшаўскай інстытуцыі, якая збірае і захоўвае рэчы, звязаныя з гісторыяй змагання за дэмакратыю і незалежнасць нашай краіны. Швед адабраў пяць артэфактаў, за якімі хаваліся пакручастыя лёсы іх ўладальнікаў, сабраў здымачную каманду і выіграў грант на здымкі ў прыватнага фонду. То бок, выканаў фантастычную па аб’ёме працу, да фіналу якой даходзяць далёка не ўсе творцы.

Магістральная тэма творчасці рэжысёра — рэфлексія мастакоў на выбуховую грамадска-палітычную сітуацыю у краіне. Такі падыход аадлюстраваны ў яго фестывальным хіце “Чыстае мастацтва” з мастаком-авангардыстам Захарам Кудзіным у галоўнай ролі, і тэлепрацах “Фатограф з Плошчы Пераменаў” і “Галасы. Дзе мой край”.

“Артэфакты” працягваюць гэты наратыў, толькі кантэкст пашырыўся далей за падзеі 2020 года — у эміграцыю, дзе прадстаўнікі культуры і медыя шукаюць для сябе новыя арыентыры. 

Рэцэнзія на серыял “Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі”. Мазаіка страчанага часу
Плакат ютуб-серыяла "Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі" / Максім Швед

Менавіта такім апынуўся пілотны выпуск пад назвай “Кніга “Мова 404””, які Швед  зрэжысаваў сам, як, дарэчы, чацьвёрты і пяты эпізоды. 

У першым аповед ідзе пра сям’ю моўных праваабаронцаў Аліну Нагорную і Ігара Случака. Маладая пара з двума малымі дзецьмі некалькі гадоў жыла ў Беларусі партызанскім жыццём — аж да эміграцыі ў Літву восенню 2023 года. Кніга з запісанымі гісторыямі моўнай дыскрымінацыі становіцца для іх мастом, які звязвае новы этап іх жыцця з мінулым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.