Без жартаў: чым можа абярнуцца гумар у ЗАГСе

Шлюб
Рэгістрацыя шлюбу ў ЗАГСе — зусім не фармальнасць. Пра гэта папярэдзілі ў Галоўным упраўленні юстыцыі Гомельскага аблвыканкама, заўважыла “Зеркало”.
Юрыдычную сілу шлюб набывае ў момант падпісання акта грамадзянскага стану і выдачы пасведчання падчас цырымоніі.
І калі хтосьці з пары заяўляе пра нязгоду або недабраахвотнасць шлюбу, нават жартуючы, рэгістрацыю абавязаныя адразу спыніць.
“Некаторыя пары спрабуюць інсцэніраваць падобны сцэнар падчас цырымоніі шлюбу. На пытанне супрацоўніка ЗАГСа „ці з’яўляецца ваша рашэнне ўступіць у шлюб добраахвотным і ўзаемным?“ жаніх або нявеста нібыта жартам адказваюць „не“. Шмат хто лічыць, што ўсе дакументы былі аформленыя загадзя і цырымонія рэгістрацыі — гэта проста фармальнасць. Але гэта не так. Юрыдычную сілу шлюб набывае менавіта ў момант, калі маладыя ставяць подпісы ў акт запісу грамадзянскага стану і атрымліваюць пасведчанне падчас гэтай цырымоніі,” — папярэдзілі ў Галоўным упраўленні юстыцыі Гомельскага аблвыканкама.
У ведамстве адзначылі, што “пакуль пасведчанне аб шлюбе не ўручана маладым, яны не з’яўляюцца мужам і жонкай”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.