Ці можна падмануць паліграф? Псіхіятр тлумачыць, як працуе дэтэктар хлусні

Хлусня

Хлусня / unsplash

Беларускім дэмсілам пашанцавала: кожны раз, як узнікае чарговае падазрэнне ў шпіянажы (ці чарговы шпіён), палітыкам раяць прайсці паліграф. А колькі стагоддзяў таму іх маглі б кідаць у ваду ці апякаць агнём, каб высветліць, ці гавораць яны праўду, нагадвае доктар псіхіятр Уладзімір Пікірэня.

Мы папрасілі яго патлумачыць, з якімі фізіялагічнымі працэсамі працуе сучасны дэтэктар хлусні і ці ёсць імавернасць з яго дапамогай выкрыць сапраўднага шпіёна КДБ у беларускім дэмруху.

— Сучасны дэтэктар хлусні — ён увогуле сучасны?

— Нечым падобны да сучаснага паліграфа прыбор з’явіўся 100 гадоў таму. А ў 1940-м годзе ён ужо быў моцна падобны да таго, якім карыстаюцца цяпер.

А ідэям знайсці праўду ўжо некалькі тысяч год. У старажытнай Індыі чалавека запускалі ў цёмны пакой і прымушалі дзёрнуць асла за хвост. Ад таго, ці выдаваў асёл пасля гэтага гук, залежыла выснова: ці праўду кажа чалавек, які цягнуў яго за хвост.

— Сучасны паліграф заслугоўвае больш даверу? На якім прынцыпе ён заснаваны?

— Яго праца базуецца на ідэі аб тым, што падчас хлусні ў чалавека змяняюцца фізіялагічныя параметры. Падчас тэставання на паліграфе ўлічваюцца некалькі паказчыкаў: глыбіня дыхання, артэрыяльны ціск і электрычная праводнасць скуры. Гэтыя паказчыкі рэгіструюцца на стужцы (у наш час ужо на маніторы), і робіцца ацэнка як гэтыя параметры змяняюцца падчас пытанняў.

Ці можна падмануць паліграф? Псіхіятр тлумачыць, як працуе дэтэктар хлусні
Праўда? / unsplash

Мала таго, падчас задавання гэтых пытанняў яго стан таксама змяняецца. Калі чалавек толькі прыйшоў і яму пачалі іх задаваць, будзе адна рэакцыя. Праз 20 хвілін — іншая.

А праз 40 хвілін стрэсавага тэставання ў чалавека больш актыўна запрацуюць ныркі, і ён захоча ў прыбіральню і будзе думаць толькі пра гэта — як бы датрываць да прыбіральні.

На вынік будзе ўплываць усё: тое, у якім адзенні чалавек праходзіць тэставанне, якая атмасфера ў памяшканні… Ён можа пацець, і будзе мяняцца праводнасць скуры. Дакладнасць такога тэста — вельмі сумнеўная.

— То бок, праз 40 хвілін тэставання хто заўгодна можа выявіцца шпіёнам КДБ? Вы як доктар параілі б давяраць такому тэсту?

— Як доктар я мог бы параіць іншае: сакрэтныя працэсы павінны быць выбудаваныя так, нібыта кожны з’яўляецца агентам. Гэта тое, як робіцца ў медыцыне.

Калі доктар заходзіць у аперацыйную, ён не ведае, ці ёсць у чалавека хвароба, якая перадаецца праз кроў. Але па замоўчванні прымаюцца меры бяспекі, нібыта чалавек хварэе на ўсё: на ВІЧ, на сухоты, на кавід… І таму апрацоўваецца аперацыйнае поле, выкарыстоўваюцца аднаразовыя шпрыцы, лекар мыецца.

Тое самае са шпіёнамі: калі дзейнасць сакрэтная, сістэма павінна быць такой, каб шпіён не меў магчымасці выкрыць дадзеныя. Бо чалавек можа стаць шпіёнам у пэўны момант, а не быць ім ад пачатку.

Ты прайшоў паліграф, а на наступны дзень на тваіх сваякоў пачалі ціснуць — і ты пагадзіўся супрацоўнічаць. Дык што, тры разы на дзень паліграф праводзіць?

Будуць мераць актыўнасць мозгу, а не ціск

— А ў будучыні як можа эвалюцыяніраваць дэтэктар ілжы?

— Вялікія карпарацыі збіраюць вялікую колькасць дадзеных, у тым ліку дадзеных пра міміку, пра тое, як людзі рэагуюць на новую інфармацыю. У цяперашніх умовах гэтую інфармацыю можна лёгка сабраць, і гэта дапаможа стварыць новы інструмент.

Да таго ж, з’яўляюцца магчымасці сканавання актыўнасці мозгу. Тэарэтычна розныя сеткі нейронаў у галаве могуць адказваць за хлусню і праўду.

Але тое, як працуе наш галаўны мозг, — з’ява досыць унікальная, у залежнасці ад вопыту, ад пашкоджанняў, якія маглі быць, за адну і тую ж функцыю могуць адказваць розныя сеткі.

І зноў жа, трэба было б нейкім чынам выяўляць індывідуальныя асаблівасці таго, як чалавек рэагуе на хлусню і як — на праўду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.