У КР прапанавалі праверыць дэлегатаў і адказных супрацоўнікаў на паліграфе
Паліграф, ілюстрацыйнае фота / freepik.com
У Каардынацыйнай радзе прапануюць увесці праверку на паліграфе для дэлегатаў і адказных супрацоўнікаў КР. Такую прапанову вылучыла фракцыя "Воля" і Камісія КР па нацыянальнай і рэгіянальнай бяспецы.
"Кейс Анжалікі Мельнікавай, падазрэнні адносна матывацыі Вольгі Карпушонак чарговы раз паказваюць мэтазгоднасць дадзенай працэдуры", — гаворыцца ў заяве фракцыі "Воля".
Напярэдадні сакратарыят КР паведаміў, што з сакавіка па жнівень 2025 года Карпушонак спампавала больш за 70 дакументаў Каардынацыйнай рады, а перад тым не спампоўвала ніводнага.
"Па апошняй інфармацыі ад спікера Каардынацыйнай рады чалец нашай фракцыі Аляксандр Клачко наступны пасля Анжалікі Мельнікавай і Вольгі Карпушонак па колькасці спамповак працоўных дакументаў Каардынацыйнай рады. Гэтыя дакументы дасяжныя для ўсіх дэлегатаў КР і не змяшчаюць некіх сакрэтных дадзеных", — паведамляюць у фракцыі "Воля".
Разам з тым "Воля" лічыць неабходным увесці працэдуру праверкі на паліграфе, каб скасаваць атмасферуы недаверу сярод чальцоў КР. "Пачаць гатовыя з прадстаўніка нашай фракцыі і кіраўніка Камісіі КР па нацыянальнай і рэгіянальнай бяспецы Аляксандра Клачко", — прапануюць прадстаўнікі фракцыі.
Вольга Карпушонак 30 жніўня абвінаваціла ў сацсетках Паўла Латушку ў харасменце і, паводле яе пазнейшай заявы, пакінула тэрыторыю Еўрасаюза. Латушка адпрэчвае ўсе абвінавачанні. Месцазнаходжанне Карпушонак невядомае. Выказваюцца меркаванні, што свае заявы яна магла рабіць пад ціскам спецслужбаў.