Мяжу адкрыюць 20 верасня? Польскія ўлады кажуць, што яшчэ небяспечна

Закрыты памежны пераход

Закрыты памежны пераход / Еўрарадыё

У тэлеграм канале Infotrans Media Belarus з'явілася інфармацыя аб магчымым адкрыцці чыгуначнага пераходу паміж Беларуссю і Польшчай 20 верасня і 22 верасня — для аўтамабіляў. Аўтары канала спасылаюцца на нямецкіх экспедытараў.

Афіцыйнай інфармацыі аб адкрыцці мяжы не паступала. На запыт Еўрарадыё ў польскім Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі адказалі, што нічога не ведаюць пра адкрыццё мяжы 20 верасня.

"Калі нешта зменіцца — мы будзем паведамляць", — падкрэслілі ў прэс-службе.

18 верасня падчас прэс-канферэнцыі аб закрытай мяжы выказаўся міністр Марцін Кервіньскі:

— Закрываючы гэтую мяжу, мы выразна далі зразумець, што яна закрытая не на час правядзення вучэнняў "Захад", а ў сувязі з імі, — і дадаў, што мяжа будзе адкрытая толькі тады, калі будзе ўпэўненасць у адсутнасці правакацый.

Міністр заявіў, што і цяпер сітуацыя на мяжы не цалкам стабільная праз "павышаную актыўнасць беларускіх і расійскіх беспілотнікаў, якія спрабавалі перасекчы паветраную прастору Польшчы".

— Відавочна, што сітуацыя на польска-беларускай мяжы застаецца вельмі і вельмі напружанай. Калі мы атрымаем ад службаў інфармацыю аб тым, што ўсё становіцца бяспечна, мы адкрыем мяжу, — сказаў кіраўнік польскага МУСіА.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.