“Зоркі сёмага неба” і “Песня Сірын”. Анімацыя, якой хваліцца “Беларусьфільм”

Калаж з кадраў мультфільмаў "Песня Сірын" і "Зоркі сёмага неба"

Калаж з кадраў мультфільмаў "Песня Сірын" і "Зоркі сёмага неба" / @rubanau_collage

Напачатку 2020-х адбылося непазбежнае — “Беларусьфільм” пад ціскам уладаў цалкам пераўтварыўся ў фабрыку бясконцай дзяржпрапаганды. Фільмы пра прапагандыстаў, дзяржаўныя сімвалы, мемарыяльныя комплексы — усяго і не пералічыш.

Падавалася, што існаванне ў мабілізаванай прасторы мастакоў, якія разлічваюць на кампраміс, проста немагчыма. Пад “кампрамісам” маецца на ўвазе здольнасць з рознай паспяховасцю балансаваць паміж выкананнем ідэалагічнай замовы і адстойваннем аўтарскага бачання. 

У ігравым і дакументальным кіно такая магчымасць ужо цалкам знікла. А вось у анімацыі, як не дзіўна, такі зазор яшчэ застаўся. 

І гэта добра бачна па фільмаграфіі Алены Туравай — найбольш заўважнай прадстаўніцы кінематаграфічнай дынастыі Туравых. Кінематаграфістка з філалагічнай адукацыяй пачынала сваю творчую кар’еру з анімацыі, потым пераключылася на эксперыменты ў дзіцячым кіно (“Навагоднія прыгоды ў ліпені”, “Кіндар-Вілейскі прывід” і г.д.). А адносна нядаўна зноў вярнулася ў анімацыю.

“Зоркі сёмага неба” і “Песня Сірын”. Анімацыя, якой хваліцца “Беларусьфільм”
Калаж з кадраў мультфільмаў "Песня Сірын" і "Зоркі сёмага неба" / РУП "Беларусьфільм" / @rubanau_collage

Прычым адразу ў паўнаметражную, чаго раней “Беларусьфільм” сабе дазволіць не мог. І зрабіла адразу два мультфільмы — “Зоркі сёмага неба” і “Песню Сірын” — пазбаўленыя відавочнай ідэалагічнай напампоўкі. Зрэшты, як і маркераў беларускасці.

Кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі распавядае пра гэтыя мультфільмы ў працяг цыкла рэцэнзій “Нябачнае кіно 2020-х”. Больш тэкстаў можна адшукаць па гэтай спасылцы. 

 

“Зоркі сёмага неба” 

Калі паскрэсці любую працу, зробленую на “Беларусьфільме”, можна адшукаць сляды ідэалагічнай замовы. Ёсць яны і ў “Зорак сёмага неба”.

Праўда, не зусім відавочныя —- улады экранізавалі дзіцячую казку Геннадзя Давыдзькі — напрыканцы 2010-х далёка не апошняга чалавека з уладнай вертыкалі (старшыні праўладнага аб’яднання “Белая Русь” і дырэктара “Белтэлерадыёкампаніі”). Ці гэта быў прыемны бонус адданаму чыноўніку ад уладнай вертыкалі, ці проста якаснай дзіцячай літаратуры не знайшлося для экранізацыі — сказаць цяжка. Але менавіта такую спадчыну пасля сябе пакіне афіцыйна першы паўнаметражны мультфільм дзяржкінастудыі. Таму што болей яму пахваліцца і няма чым, бо “Зоркі” не ў стане асабліва нічым зачапіць.

Алена Турава адпатавала дзіцячую прозу Давыдзькі ў бясконцы мюзікл, у якім героі спяваюць больш, чым размаўляюць. Пры гэтым сама гісторыя атрымалася не вельмі ўцямнай.

Па сюжэце на невядомай планете, жыхары якой жылі ў цішы і спакоі, здарыўся век інфармацыйных тэхналогіяў. Створаны звышмоцны кам’ютар і інтэрнет прадстаўленыя тут у выглядзе іншапланетнага спруту, які падпарадкоўвае розумы жыхроў. Цяпер людзі сталі больш жорсткімі і перасталі глядзець у неба, на сапраўдныя зоркі. 

Іх замянілі памагатыя інтэрнет-спрута — шэсць монстраў, якія кіруюць царствамі марнасці, ляноты, прагнасці, зазнайства, хамства і баязлівасці. Перамагчы фэйкавых зорак і вызваліць планету з палону можа толькі хлопчык Саша з чарадзейным падсвечнікам, антрапаморфны кот Мурмот і лялька Эля. 

“Зоркі” — тыповы потмадэрнісцкі твор, у якім аўтар змяшаў тэхнафобію (боязь сучасных тэхналогій) з фактычна хрысціянскім зместам пра пераадольванне сямі смяротных грахоў, якія тут крыху іначай інтэрпрэтаваныя. Атрымалася нешта сярэдняя паміж “Чараўніком краіны Оз” і “Хронікамі Нарніі”, толькі значна больш другаснае ў мастацкім сэнсе. 

“Зоркі сёмага неба” і “Песня Сірын”. Анімацыя, якой хваліцца “Беларусьфільм”
Кадр з мультфільма "Зоркі сёмага неба" / РУП "Беларусьфільм"

Казка Давыдзькі выглядае схематычнай і павярхоўнай, без патрэбнага апісання персанажаў і свету, у якім адбываюцца падзеі. Калі на паперы і ў пастаноўцы (а твор яшчэ быў адаптаваны для тэатральных падмосткаў) на гэта не так звяртаеш увагу, то ў экранізацыі скупасць аўтарскай фантазіі адразу кідаецца ў вочы. 

Апроч таго, большасць музычных нумароў, лібрэта да якіх пісала рэжысёрка, не запамінаюцца. Напець хоць адну песню ці хаця б успомніць матыў не атрымаецца, настолькі бляклымі яны выйшлі. 

Пахваліць твор за візуальны стыль таксама складана: анімацыя у “Зорак” максімальна простая, часам прымітыўная, з нехаайна намаляванымі персанажамі і лакацыямі, кіслотным спалучэннем абраных колераў. Нібы цяпер — пачатак дзевяностых, а не 2020-я. 

Немагчыма ўявіць каго, акрамя лукашэнкаўскіх ідыёлагаў, мог бы прывабіць мультфільм Туравай. Што можна сказаць упэўнена — канкурэнтаздольным у сённяшнія часы лёгкадаступнай камерцыйнай і аўтарскай анімацыі яго дакладна не назавеш.

Адзнака Еўрарадыё: 3 з 10

 

“Песня Сірын”

Школьнікі Дзіма і Мацвей выбраліся на лецішча пафатаграваць зязюляў. Вось толькі замест спакойнага бёрдвотчынгу хлапчукі трапляюць у вір палітычных інтрыг сусвету славянскіх багоў. 

Вераломная валадарка смерці Паляндра імкнецца сутыкнуць ілбамі бога верхняга свету Пяруна і бога ніжняга — Вялеса. Да таго ж знік уладар летняга сонца Купала, якога намагаецца знайсці яго сястра Кастрама. 

Каб зло не перамагло, школьнікам прыйдзецца дапамагчы жыхарам чароўнага свету паразумецца паміж сабой. 

Сцэнар “Песні Сірын” расійскага драматурга з беларускімі каранямі Сяргея Рагатко вясной 2019 года стаў пераможцам дзяржаўнага конкурсу драматургіі , а сам мультфільм пра мір славянскіх багоў здымаўся ў неспакойныя 2020-я.

Гэтыя акалічнасці на ім моцна не адбіліся — большасці родавых праблем, якія былі ў “Зорак сёмага неба”, “Песня Сірын” пазбаўлена. Тут ёсць уцямна напісаны сюжэт, а сусвет старажытнай міфалогіі раскладзены трапна, каб гледачы без спецыяльных ведаў змаглі зразумець сваяцкія сувязі паміж персанажамі міфаў.

А вось з чым зноў атрымаўся пракол, дык гэта з лічбавай анімацыяй. “Беларусьфільм” вырашыў зрабіць “Песню” цалкам у тэхніцы 3D-анімацыі, рэсурсаў на што ў каманды яўна не хапіла. Праз гэта мультфільм выглядае проста непрывабным. Персанажы рухаюцца затарможана, нібы драўляныя лялькі, жывой мімікі на тварах не бачна, а заднікі лакацый намаляваныя максімальна проста. Усё гэта зусім не дадае пазітыўных эмоцыяў ад прагляду. 

“Зоркі сёмага неба” і “Песня Сірын”. Анімацыя, якой хваліцца “Беларусьфільм”
Кадр з мультфільму "Песня Сірын" / РУП "Беларусьфільм"

Як і рашэнне рэжысёркі зрабіць мультфільм выключна пад дзіцячую аўдыторыю. Нясмешны гумар і абраныя гукарэжысёрам бязглуздыя гукі (узаемадзеянне з аб’ектамі і рэакцыі герояў) толькі яшчэ болей раздражняюць. 

Ёсць правалы і ў кастынгу на агучку. Багіня смерці замест жаночага размаўляе скрыпучым мужчынскім барытонам, а ў актора, абранага на ролю ваўчонка-дапаможніка Юху, за ўвесь мультфільм не атрымалася знайсці правільную інтанацыю для ваўчынага рыку.

З улікам усіх праблемаў, “Песня Сірын” выглядае прыстойна, асабліва на фоне папярэдняга фільма Алены Туравай. Найбольш удалымі тут апынуліся сцэнкі са славянскай міфалогіі, аформленыя ў мінімалістычным дызайне, без выкарыстання нізкапаліганальнага 3D. Калі б мультфільм так выглядаў цалкам, а яшчэ быў меў хоць якую прывязку да Беларусі (чагоо тут цалкам няма), гэта магло стаць лепшым мастацкім рашэннем. Але ўжо не ў гэты раз. 

Адзнака Еўрарадыё: 5 з 10

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.