Трамп выказаўся пра расійскія знішчальнікі, якія заляцелі ў Эстонію

МіГ-31 / AFP
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адрэагаваў на парушэнне Расіяй паветранай прасторы Эстоніі. Паводле яго слоў, пасля гэтага могуць быць сур’ёзныя наступствы, і яму гэта “не падабаецца”.
— Мне не падабаецца, калі такое адбываецца. Гэта можа стаць вялікай праблемай. Мне будуць пра гэта дакладваць, — пракаментаваў Дональд Трамп.
Таксама ў пятніцу генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ абмеркаваў інцыдэнт з прэм’ер-міністрам Эстоніі Крыстэнам Міхалам.
МЗС Эстоніі выклікаў часовага паверанага РФ і перадаў ноту пратэсту. Міністр замежных спраў Маргус Цахкна назваў здарэнне “беспрыкладна нахабным” і заявіў, што гэта ўжо чацвёртае парушэнне ў гэтым годзе.
— Усё больш маштабныя выпрабаванні межаў і нарастаючая агрэсіўнасць Расіі павінны сустрэць як мага хутчэйшае ўзмацненне палітычнага і эканамічнага ціску, — сказаў кіраўнік эстонскага МЗС.
Міністэрства абароны Расіі абвергла інфармацыю пра парушэнне паветранай прасторы Эстоніі трыма расійскімі ваеннымі самалётамі ў пятніцу. Паводле іх слоў, “палёт выконваўся згодна з міжнароднымі правіламі”.
— 19 верасня […] тры расійскія знішчальнікі МіГ-31 здзейснілі планавы пералёт з Карэліі ў аэрапорт Калінінградскай вобласці — расійскага анклава, што знаходзіцца паміж Літвой і Польшчай, — паведамілі ў расійскім Мінабароны.
Улады Эстоніі сцвярджаюць, што тры расійскія знішчальнікі МіГ-31 у пятніцу раніцай увайшлі ў паветраную прастору Эстоніі ў раёне выспы Вайндлоо ў Фінскім заліве і заставаліся там каля 12 хвілін.
У сувязі з гэтым Эстонія падала запыт на кансультацыі ў адпаведнасці з артыкулам 4 Паўночнаатлантычнай дамовы. Гэты артыкул прадугледжвае, што “бакі будуць кансультавацца паміж сабой у выпадках, калі, на думку любой з іх, тэрытарыяльная цэласнасць, палітычная незалежнасць або бяспека любой з бакоў апынаюцца пад пагрозай”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.