У Акадэміі навук расказалі, ці хопіць беларусам пасаджанай сёлета бульбы

Бульба, ілюстрацыйнае фота

Бульба, ілюстрацыйнае фота / unsplash

Сёлета быў цёплы красавік і многія пасеялі бульбу раней, чым звычайна. Але потым прыйшлі замаразкі, і частка раслін загінула. Гэта адаб'ецца на раннім ураджаі бульбы, расказаў у каментары БЕЛТА гендырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве Вадзім Маханько.

Ён падкрэслівае, што гаворка ідзе не аб буйных гаспадаркахі, а аб прыватніках.

У параўнанні з мінулым годам сёлета плошчы пасадак бульбы павялічылі на 3 тысячы гектараў. Сельгаспрадпрыемствы і буйныя фермерскія гаспадаркі сёлета пасадзілі ўжо больш за 20,5 тысячы гектараў бульбы. Але тая бульба, якую пасадзілі на пачатку трэцяй дэкады красавіка, праз нізкія тэмпературы знаходзіцца прыкладна на той жа стадыі развіцця, як і бульба, пасаджаная 9 траўня.

Разам з тым прадстаўнік Акадэміі навук зазначыў, што сёлета ў Беларусі ўтрая вырас попыт на насенную бульбу для пасадкі на дачных участках і на ўласных падворках. "Калі надвор'е нас не падвядзе, то гэтай бульбы з лішкам хопіць нам, хопіць на перапрацоўку і хопіць паставіць нашым суседзям, калі ў іх будзе неўраджай", — дадаў Маханько.

Дэфіцыт бульбы, з якім сёлета сутыкнулася Беларусь, жвава абмяркоўваецца ў грамадстве і СМІ. Бульба нават стала адной з тэмаў для размоваў паміж Лукашэнкам і Пуціным. А ўрад адмяніў эмбарга на імпарт бульбы, цыбулі, капусты і яблыкаў з "недружалюбных" краін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.