У адстаўку адпраўлены трэнерскі штаб ФК "Мінск"
Такое рашэнне прыняло кіраўніцтва футбольнага клуба.
Скасаваныя кантракты з галоўным трэнерам каманды Андрэем Скарабагацькам, трэнерам па навукова-метадычнай працы Дзмітрыем Кляцовым і трэнерам брамнікаў Уладзімірам Рыжчанкам. Выконваць абавязкі галоўнага трэнера будзе Андрэй Пышнік, які дагэтуль трэніраваў "дубль".
Як адзначае афіцыйны сайт ФК "Мінск", прычынай датэрміновага скасавання кантрактаў з трэнерскім штабам стала невыкананне задачы па выхаду каманды ў фінал Кубка Беларусі і няўдалы выступ "Мінска" ў чэмпіянаце краіны. Нагадаем, пасля 10 матчаў чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе "Мінск" набраў 10 ачкоў. Каманда займае 8-е месца ў турнірнай табліцы. Ад аўтсайдара, брэсцкага "Дынама", мінчукоў аддзяляе толькі 2 ачкі.