Трампу нагадалі пра нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага
Пікет каля Белага дома / MayDay
У Вашынгтоне перад Белым домам прайшла акцыя ў падтрымку беларускага палітвязня-праваабаронцы Алеся Бяляцкага.
Валанцёры магілёўскай каманды праваабарончага цэнтра "Вясна" MAYDAY і беларускія актывісты зладзілі пікет 6 лістапада. Яны заклікалі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ўзмацніць намаганні па вызваленні лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага.
"Мы ведаем, што Злучаныя Штаты за апошні год дасягнулі пэўных поспехаў у пытанні вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі. Пікетам мы хацелі нагадаць пра Алеся Бяляцкага, заснавальніка і кіраўніка ПЦ "Вясна", які па палітычных прычынах да гэтага часу ўтрымліваецца пад вартай за сваю праваабарончую дзейнасць", — сказаў адзін з удзельнікаў пікета. Ён выказаў надзею што адміністрацыя Трампа зробіць усё магчымае для хутчэйшага вызвалення лаўрэата Нобелеўскай прэміі.
Сёлета ў ліпені былыя беларускія палітвязні-праваабаронцы накіравалі прадстаўніку Трампа Джону Коўлу зварот да прэзідэнта ЗША, каб ён як намінант на Нобелеўскую прэмію міру прыклаў намаганні па вызваленні Бяляцкага.
Алесь Бяляцкі разам з іншымі праваабаронцамі "Вясны" быў затрыманы ў ліпені 2021 года і асуджаны на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.