Сёння абвесцяць прысуд Ягору Дуднікаву, які агучваў пратэстныя ролікі

Ягор Дуднікаў / фота з сямейнага архіва
Мінскі гарадскі суд у панядзелак абвесціць прысуд Ягору Дуднікаву — хлопцу, які агучваў пратэтныя ролікі для аднаго з тэлеграм-каналаў. Дуднікаву 21 год, ён грамадзянін Расіі, падпрацоўваў сярод іншага агучкай відэаролікаў.
Хлопца затрымалі ў траўні 2021 года. Яго абвінавачваюць у "распальванні групай асоб сацыяльнай варожасці", "закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт". Па версіі следства, Дуднікаў зрабіў больш за паўсотні аўдыёзапісаў, у якіх былі заклікі да ўдзелу ў "масавых беспарадках", а таксама гучалі "пагрозы ў адрас прадстаўнікоў дзеючай улады". Сам Дуднікаў у інтэрв'ю адразу пасля затрымання распавядаў, што "толькі агучваў відэаролікі, тэксты даваў Дыз-адміністратар телеграм-канала".
У верасні маці Дуднікава заявіла журналістам, што сын супрацоўнічае са следствам. Па яе словах, у яго "проста не было іншага выйсця".
Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Пракурор запрасіў для хлопца 11 гадоў пазбаўлення волі. Дуднікаў быў "у шоку", паведаміла па выніках таго пасяджэння "Бі-бі-сі" са спасылкай на сваю крыніцу.
Праваабаронцы прызналі Ягора Дуднікава палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.