Акрамя ЗША і Украіны, сярод галоўных ворагаў Расіі ― Літва, Латвія, Польшча
Так мяркуе большасць расіян, якія былі апытаны сацыялагічным цэнтрам Левада.
Расійскі аналітычны цэнтр Юрыя Левады апублікаваў вынікі сацыялагічнага даследавання пра ворагаў і сяброў Расіі.
Галоўныя ворагі на думку расіян — ЗША (73%), Еўрасаюз — 59%і Украіна — 59%. Літву і Латвію ворагамі называюць чвэрць апытаных, Польшчу — 22%, Вялікабрытанію — 21%.
Палітолаг Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзь Мошас кажа, што змена на такі трэнд адбылася з пачаткам украінскіх падзеяў у лютым 2014 года. Укараненне думкі ў грамадскае меркаванне, што Захад стаў ворагам, адбылося хутка.
“Відавочна, што калі расійскае насельніцтва чуе з вядучых СМІ, што краіна знаходзіцца ў вайне, што Захад ажыццяўляе варожую палітыку ў дачыненні да Расіі, раней ці пазней насельніцтва пачынае рэагаваць на тую інфармацыю, якую яно атрымлівае”, — адзначае палітолаг.
На пытанне сацыёлагаў пра самых блізкіх сяброў Расіі, 55% рэспандэнтаў называюць Беларусь, Кітай — 43%, Казахстан — 41%, Індыю і Арменію — па 18%.
На думку Аркадзя Мошаса, такая высокая прыязнасць расіян да Кітая таксама звязаная з інфармацыяй дамінуючых медыя. Там Кітай паказаны саюзнікам у канфлікце Расіі з Захадам, хоць у рэальнасці ўсё не так адназначна. Наўрад ці расійскія рэспандэнты ўяўляюць сабе ўсю карціну расійска-кітайскіх стасункаў, мяркуе палітолаг.
Да Беларусі цяпер назіраецца самы высокі ўзровень прыязнасці з 2005 года. Згодна з даследаваннем, апошнія 10 гадоў рэйтынг Беларусі апускаўся ніжэй за 40% толькі тройчы ў 2007, 2011 і 2012.
За апошнія тры гады, расіяне пачалі больш прыязна ставіцца да Грузіі. Сёння 42% маюць “вельмі добрае” стаўленне да гэтай каўказскай краіны, “дрэннае” — толькі 36%. Хоць яшчэ ў 2012 годзе больш за 50% апытаных мелі да Грузіі дрэннае стаўленне.
Эксперт Незалежнага Інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) Сяргей Нікалюк кажа, што падобныя змены меркаванняў заўжды былі рэакцыяй на інфармацыйны фон.
“Гэта ж кампанія. Мы жывем у інфармацыйным свеце, а трымаць увагу на адной і той жа падзеі немагчыма, кажа эксперт і дадае. — Гэта не сістэма каштоўнасцяў людзей змяняецца, гэта, як казаў сам Левада, змяняецца рэха медыйных падзеяў, гэта трэба разумець”.
Падобныя апытанні праводзіліся і ў Беларусі. Так, Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) летам 2014 года правёў сацыялагічнае даследаванне, адным з пытаннем якога было: “Ці мае наш народ, нашая краіна, ворагаў?”. 12,8% адказалі, што “наша краіна ў атачэнні ворагаў з усіх бакоў”, гэта на 4,5% больш, чым у 2011 годзе. 29,2% адказалі, што “самыя небяспечныя ворагі — скрытыя, ўнутраныя”. На думку 20,8% у нашага народа, які стаіць на шляху адраджэння, заўжды знойдуцца ворагі”. 29,2% апытаных адказалі: “Навошта шукаць ворагаў, калі корань зла ва ўласных памылках”.
Падчас іншага апытання НІСЭПД задаваў пытанне “Якое на вашу думку пераважае стаўленне да украінцаў у Беларусі?”. У верасні 2012 года 53,8% апытаных адказалі “пазітыўнае”, 38,3% — нейтральнае і толькі 3,7% апытаных — негатыўнае. У сакавіку 2015 года лічбы змяніліся. Пазітыўнага стаўлення было толькі 33,5%, нейтральнага — 51,1%, негатыўнага — 10,8%.
Фота: AP Photo/Dominique Mollard