Спэнсэр Элдэн з вокладкі альбома Nirvana прайграў суд аб парнаграфіі

Вокладка альбома "Nevermind"

Вокладка альбома "Nevermind" / Nirvana

34-гадовы Спэнсэр Элдэн прайграў справу аб дзіцячай парнаграфіі супраць фатографа Кірка Ведла і музыкаў гурта Nirvana.

Менавіта дзіцячае фота чатырохмесячнага Элдэна ўпрыгожыла вокладку класічнага альбома "Nevermind", які выйшаў у 1991 годзе.

Як адзначае Бі-Бі-Сі, Элдэн спрабаваў засудзіць фатографа і музыкаў з 2021 года. Мужчына сцвярджаў, што папулярнасць вокладкі стала прычынай яго "моцных пакут" у дарослым жыцці. У адказ юрысты Nirvana заяўлялі, што Элдэн не раз узнаўляў гэты сюжэт за грошы.

Суддзя Фернанда Олгін пастанавіў, што аголенае дзіцячае фота Элдэна нельга лічыць парнаграфічным, бо сама па сабе аголенасць не тоесная парнаграфіі: "Ні пастава, ні фокус, ні абстаноўка, ні агульны кантэкст не дазваляюць выказаць здагадку, што на вокладцы альбома адлюстраваныя адкрыта сексуальныя паводзіны".

Альбом "Nevermind" разышоўся больш як у 30 млн асобнікаў. Яго вокладка — адна з самых вядомых у гісторыі сучаснай музыкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.