Цэнтр Дэвіда Боўі з архівам музыкі адкрылі ў Лондане

Дэвід Боўі / Архіў артыста
13 верасня ў Лондане пачынае працу Цэнтр Дэвіда Боўі, дзе будзе прадстаўлена частка архіва брытанскага рок-музыкі.
Калекцыя Боўі налічвае больш за 90 тысяч прадметаў, звязаных з артыстам. У яе ўключаны рукапісныя тэксты вядомых песень, лісты, фатаздымкі, відэа, музычныя інструменты, узнагароды, элементы сцэнічнага афармлення, а таксама сцэнічныя касцюмы.
Як паведамляюць арганізатары праекту, усю калекцыю размясціць не атрымалася, але наведвальнікі змогуць паглядзець каля 200 экспанатаў. Сярод іх — рэдкія здымкі, малюнкі і асабістыя рэчы музыкі. Напрыклад, на выставе прадстаўлены касцюм Зігі Стардаста, які быў створаны дызайнерам Фрэдзі Бурэці для альбома The Rise and Fall of Ziggy Stardust and the Spiders from Mars (1972). Таксама тут можна ўбачыць плашч з брытанскім сцягам, распрацаваны Боўі разам з Аляксандрам Макуінам для альбома Earthling (1997).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.