Расія пастаўляе БелЖД неякасныя рухавікі

З якімі праблемамі сутыкаюцца чыгуначнікі і чаму ім не спяшаюцца дапамагаць?

З якімі праблемамі сутыкаюцца чыгуначнікі і чаму ім не спяшаюцца дапамагаць? / Сообщество железнодорожников Беларуси

Некалькі дызельных рухавікоў тыпу М756Б1-Д, вырабленых расійскім ТАА “КМЗ”, былі знятыя з дызель-паяздоў Беларускай чыгункі і накіраваныя на прадпрыемства-вытворцу для гарантыйнага рамонту. Пра гэта паведамляе “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”. З-за нізкай якасці расійскіх вузлоў церпяць перавозкі і пад пагрозай апынаецца бяспека руху.

Кіраўніцтва чыгункі яшчэ ў сакавіку 2025 года звярнулася ў Мінпрам Беларусі з прапановай пачаць вытворчасць запчастак і расходных матэрыялаў для манеўровых цеплавозаў серыі ТМЭ.

Чыгуначнікі тлумачаць сваю просьбу адсутнасцю камплектуючых і крытычным станам тэхнікі, што можа прывесці да працяглых прастояў цягнікоў з-за адсутнасці цягі і прынесці значныя страты.

У адказ на гэты ліст Мінпрам разаслаў кіраўнікам прамысловых прадпрыемстваў пералік жыццёва неабходных БелЖД запчастак для лакаматываў і вагонаў — 196 найменняў. У суправаджальным лісце прапануецца арганізаваць прамое ўзаемадзеянне з прадстаўнікамі чыгункі па гэтым пытанні.

“Супольнасць чыгуначнікаў” мяркуе, што такая маруднасць можа быць звязаная з адсутнасцю эканамічнай зацікаўленасці ведамства, складанасцю арганізацыі вытворчасці або неабходнасцю пераналадкі тэхналагічных працэсаў на беларускіх прадпрыемствах.

На думку чыгуначнікаў, перапіска паміж БелЖД і Мінпрамам мае хутчэй фармальны характар і патрэбная найперш для стварэння бачнасці актыўнасці і справаздачнасці перад вышэйстаячымі інстанцыямі, каб апраўдаць свае прамашкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.