Толькі 2% беларусаў разумеюць, хто адказвае за кантроль росту коштаў — BEROC

Грошы, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Хто сёння адказвае за кантроль росту коштаў у Беларусі?
"Толькі 2% апытаных грамадзян краіны адказваюць на гэтае пытанне правільна, называючы Нацыянальны банк. Пры гэтым галоўнай прычынай, з-за якой скарачаецца даход, беларусы лічаць ўзрослыя кошты", — звяртае ўвагу эканамістка Віялета Панасевіч падчас прэзентацыі матэрыялаў "Маніторынгу эканомікі Беларусі", падрыхтаваных экспертамі BEROC.
33% беларусаў лічаць, што за кантроль росту коштаў адказвае МАРГ, 19% назвалі Міністэрства эканомікі, 15% думаюць, што ў нас рынкавае рэгуляванне і ніхто ні за што не адказвае.
Эксперты пацікавіліся ў беларусаў, які падыход да кантролю росту коштаў тыя лічаць найбольш правільным. Дзяржаўнае рэгуляванне ў даследаванні падтрымала 18% беларусаў, рынкавае цэнаўтварэнне — 14%. Большасць апытаных беларусаў (57%) выбіраюць камбінаваны падыход — калі рынкавыя механізмы спалучаюцца з дзяржаўным умяшаннем.
Паводле апошніх звестак экспэртаў BEROC, аб зніжэнні даходаў паведаміла каля чвэрці апытаных беларусаў. Галоўная прычына, з-за якой скарачаецца даход, — гэта ўзрослыя кошты. Пра гэта паведаміла палова тых, у каго даход скараціўся.
Наступная па папулярнасці прычына — скарачэнне колькасці заказаў і кліентаў. А такая прычына, як змяненне курсу рубля да замежнай валюты, перастала быць суперважнай. Яе назвалі толькі 13% рэспандэнтаў, якія кажуць аб скарачэнні сваіх даходаў.
У рамках даследавання BEROC апытаў тысячу беларусаў, каб атрымаць выбарку, якая адпавядае гарадскому насельніцтву краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.