Падлеткаў у Беларусі рыхтуюць да вайны пад выглядам “патрыятычнага выхавання”

Гэтым займаюцца 23 клубы пры ўнутраных войсках МУС Беларусі / parhey.wfolio.pro
Больш за 2500 беларускіх дзяцей наведваюць ваенна-патрыятычныя клубы, якія ўваходзяць у склад фонду “Маладая гвардыя”. Яны дзейнічаюць пры часцях унутраных войскаў МУС. Там падлеткаў вучаць страявой, агнявой і медыцынскай падрыхтоўцы, вучаць абыходзіцца з баявой зброяй, у тым ліку страляць з аўтамата Калашнікава. Пра гэта піша Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ).
Дабрачынны фонд “Маладая гвардыя” быў створаны ў траўні 2024 года ў рамках указа Аляксандра Лукашэнкі “Аб развіцці ваенна-патрыятычных клубаў”.
На сайце арганізацыі адзначаецца, што яе асноўныя задачы — “патрыятычнае выхаванне моладзі, захаванне гістарычнай памяці і выхаванне любові да Радзімы”. Мерапрыемствы фонду наведваюць намеснік кіраўніка МУС Мікалай Карпянкаў, які кіраваў разгоном пратэстаў у 2020 годзе, бліжэйшы паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант і іншыя высокапастаўленыя прыхільнікі рэжыму.
Баявая зброя для дзяцей
Журналісты БРЦ патэлефанавалі ў клубы, выдаўшы сябе за зацікаўленых бацькоў, каб удакладніць, ці сапраўды там вучаць страляць з баявой зброі.
У клубе “Доблесть-Лельчыцы” пацвердзілі, што падлеткі страляюць з баявой зброі, кіруюць дронамі, вучацца штурмаваць будынкі і капаць акопы пад кіраўніцтвам інструктараў-вайскоўцаў.

Вучаць “дзедаўшчыне”
Паводле адной з маці, з якой пагаварылі журналісты, у клубах дзяцей прывучаюць да вайсковых парадкаў і праз знаёмства з архаічнымі традыцыямі:
“Сын кажа: мама, тут таксама ёсць дзедаўшчына. Тыя, што даўжэй ходзяць у клуб, — галоўныя, яны як ‘капітан’,” — распавядае жанчына.
Колькі каштуе “патрыятызм”
За 2024 год “Маладая гвардыя” задэкларавала крыху больш за 1 мільён беларускіх рублёў ($312,5 тыс.) спонсарскай дапамогі, з якіх 724 тысячы ($223 тыс.) былі патрачаныя.
Найбуйнейшыя артыкулы расходаў — заробкі (308 тыс. рублёў, або $95 тыс.) і “спонсарская дапамога вайсковым часткам” (192 тыс. рублёў, або $59 тыс.).
Амаль 300 тысяч рублёў ($92 тыс.) засталіся непатраченымі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.