Сям'ю з Ельска, у якой памерла школьніца, сталі прэсаваць сацслужбы

Бацька з дачкой, якая памерла ў бальніцы / скрыншот відэа
Сацыяльныя службы ўзмацнілі ўвагу да шматдзетнай сям'і з Ельска, дзе ў бальніцы памерла 14-гадовая дзяўчынка.
Братоў і сясцёр памерлай дзяўчынкі рэгулярна выклікаюць на гутаркі ў школе без паведамлення і прысутнасці бацькоў. Пра гэта расказаў бацька дзяўчынкі ў відэа ў сацсетках, паведамляе канал "Караельск". Акрамя таго памяць пра дзіця спрабуюць ачарніць: школьніцу вінавацяць у курэнні і дрэнных паводзінах.
Тым часам у сацсетках актыўна працягваюць каментаваць трагедыю, не зважаючы на запалохванні з боку следчага камітэта. Як адзначае "Флагшток", часцей за ўсё каментатары вінавацяць медыкаў.
Як паведамлялася раней, 14-гадовая школьніца 16 траўня пайшла ў паліклінку закрываць бальнічны: чатыры дні перад гэтым яна правяла з кашлем і болямі ў горле. Аднак дзяўчыну вырашылі шпіталізаваць. Праз пару гадзін бацькам затэлефанавалі і сказалі, што дачка знаходзіцца ў коме ў рэанімацыі.
Праз некалькі гадзін у лякарню прыехаў рэанімабіль з Мазыра, але дзяўчынку не забраў — вырашылі чакаць брыгаду з Гомеля. Праз 20 хвілін пасля прыбыцця гомельскіх дактароў бацькам паведамілі пра смерць дзіцяці.
У дзяўчынкі засталіся тры сястры і два браты. Сама яна была другой па старшынстве. Вучылася школьніца ў сёмым класе. Па словах бацькі, дачка займалася бегам, хацела стаць настаўніцай і марыла навучыцца ездзіць на матацыкле.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.